суббота, 2 сентября 2006 г.

Стаімо далей...

У сакавіку, пэўна, кожны сьвядомы жыхар ажыўшага пасьля зімовага сну Менску чакаў цуду. А цуд упарта не жадаў зьдзяйсьняцца ў нашай занадта “самабытнай”, “квітнеючай”, “стабільнай” ды “моцнай” краіне.


Мелёдыя мабільнага тэлефона перапыніла мае блуканьні па старонках апазыцыйных сайтаў, на якіх паведамлялася, што ў ноч з 23 на 24 сакавіка ў Менску на Плошчы Каліноўскага быў ліквідаваны намётавы гарадок. У зьбянтэжыўшым мяне SMS-паведамленьні было напісана наступнае: Staimo dalej. Z nami Boh. Sw. Jazep. Рa 18. Што гэта? Чыйсьці недарэчны жарт? Заклік невядомай мне арганізацыі не губляць веры і працягваць супрацьстаяньне? Ці можа мы ў рэшце рэшт дачакаліся сапраўднага цуду, і сам Сьвяты Язэп, расчулены нашымі шчырымі малітвамі, вырашыў пакінуць Неба і стаць побач з намі на Плошчы Каліноўскага пад бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста? Нумар тэлефону, зь якога прыйшла SMS-ка, ні аб чым мне не казаў. Але я ўспомніла, што знаёмы распавядаў мне пра касьцёл Сьв.Язэпа, ля сьценаў якога кожны дзень зьбіраюцца людзі, дамагаючыся, каб улады вярнулі ім храм. Тады я не адгукнулася на запрашэньне “стаяць далей” побач са Сьв.Язэпам, а празь некаторы час і ўвогуле забылася на гэты зьвернуты менавіта да мяне заклік, і ўспомніла аб ім толькі тады, калі выпадкова патрапіла на адно з такіх “стаяньняў” ля зачыненых дзьвярэй адабранай у нас сьвятыні.


У той жнівеньскі вечар ля ганку касьцёла, які знаходзіцца побач з Кафедральнай Царквой, на вул.Кірылы і Мяфодзія-6, сабралася дванаццаць чалавек, але мы не пачуваліся самотнымі, бо з намі быў Бог. Малітвы, народжаныя ў нашых сэрцах і прамоўленыя нашымі вуснамі, блукалі ля прахалодных сьценаў старажытнай бажніцы, уладкоўваліся разам з прыціхлымі птушкамі на галінках засохлых дрэваў, ляцелі разам зь няўрымсьлівым ветрам да самага неба. Неба глядзела на нас цёмна-шэрымі вачыма-хмарамі, напоўненымі празрыстым, як крышталь, дажджом. Яно плакала, бо яго засмучала абыякавасьць праходзячых міма сьвятыні людзей і празьмерная зацікаўленасьць “падтрымліваючых парадак” міліцыянтаў. А людзі хаваліся ад ягоных крыштальных сьлёз пад парасонамі, са зьдзіўленьнем паглядалі на нас і хуценька беглі далей. Сьвяты Язэп любаваўся прыгажосьцю нашага горада зь нябесных вышыняў і разам з намі маліўся за ягоных жыхароў.


У касьцёле, які зьяўляецца часткаю пабудаванага у XVII-XVIII ст.ст. Кляштару Бэрнардынаў, зараз знаходзіцца архіў-музэй літаратуры і мастацтва і архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. А храм марыць прымаць у сваіх намоленых сьценах шматлікіх вернікаў, слухаць разам зь імі натхнёныя казані беларускіх сьвятароў і чароўную музыку аргана, з замілаваньнем назіраць, як сур’ёзныя, апранутыя ў сьвяточныя строі дзеткі прымаюць Першую Камунію і упрыгожваць сваімі залатымі крыжамі часам яснае ды блакітнае, а часам пахмурнае ды шэрае Менскае неба.


Я прыходжу да касьцёла не таму, што лічу гэта сваім абавязкам, і не таму, што мяне аб гэтым нехта просіць. Сюды імкнецца маё сэрца. Тут яно размаўляе з Богам, і ні дождж, ні вецер, ні холад зусім гэтаму не перашкаджаюць. Тут мы молімся па-беларуску за Беларусь і запрашаем таксама і Вас далучыцца да нашых малітваў. І хто ведае, магчыма, менавіта Вашая прысутнасьць стане вырашальнай і паспрыяе ня толькі вяртаньню нашай сьвятыні, але і набліжэньню такой неабходнай усім нам Перамогі, бо Беларусь, нягледзячы ні на якія перашкоды, усё ж такі паціху жыве і ўпарта чакае цуду.