понедельник, 23 апреля 2007 г.

Лета на нарачы

Веранікін тата больш за ўсё на сьвеце любіў Вераніку, яе маму і – лес. З гэтай прычыны дзяўчынка і яе бацькі амаль што кожнае лета адпачывалі на турбазе, якая месьцілася на беразе возера Нарач.

Нарачанскія лясы ўражвалі Вераніку сваёй прыгажосьцю, таямнічасьцю, загадкавасьцю, веліччу. Яловы лес нагадваў прахалодныя ды крыху змрочныя кляшторныя кельлі. Часам здавалася, што за пухнатымі дрэвамі, якія ня надта любяць сонца, хаваецца ад людзкіх вачэй маленькі палахлівы лясун. Мяшаны лес быў падобны на ўтульную сялянскую хату, упарадкаваную гаспадарлівым дамавіком. Хваёвы лес нагадваў сапраўдны велічны палац са шматлікімі прасторнымі, густоўна ўбранымі залямі, залачонымі калёнамі, высачэзнымі, пад самае неба, скляпеньнямі.

Такімі шматлікімі хваёвымі палацамі, што стаялі на берагах чысьцюткіх блакітных азёраў, і ўяўляўся Вераніке Нарачанскі край. У палацах штодзённа ладзіліся балі, на якія запрашаліся ўсе ахвотныя. І вось што здарылася на адным зь іх:

Музыка-вецер гартаў старонкі Нотнага сшытку Ганны-Магдалены Бах. Сьпявалі дрэвы, граў птушыны аркестр, таньчылі матылькі. Гайдаліся на кветках, нібыта на арэлях, пухнатыя чмялі. Старая мудрая зьмяя ў задуменьні назірала за ўсёй гэтай весялосьцю… Нават сонца, разсунуўшы фіранкі, сатканыя з маленькіх белых аблачынак, разам зь Веранікай і яе татам любавалася цудоўным лясным балем. Раптам усё сьціхла і дзяўчынка заўважыла, што непадалёку ад яе сядзіць на пяньку ды ўсьміхаецца старэнькі дзядок Сонца зрабіла выгляд, што нічога не заўважае, усе некуды схаваліся, а ў дзяўчынкі ад нечаканасьці ажно мову заняло.
– Добры дзень, – павітаўся зь дзядком Веранікін тата.
– Дзень добры. Куды пан з паненкаю накіроўваюцца? – пацікавіўся той.
І тут дзяўчынка заўважыла, што ў дзядка нават і торбы ніякай пры сабе няма, і апрануты ён ня так, як апранаюцца мясцовыя сяляне і турысты. Не дачакаўшыся адказу, дзядок спытаў, ці падабаецца ім лес.
– Лес цудоўны, – адказаў тата, – але нам ужо час вяртацца на турбазу.
– Тады зычу вам шчасьлівай дарогі ды добрага адпачынку,– усьміхнуўшыся сказаў дзядок. – Шчасьлівай, шчасьлівай, шчасьлівай…– нарэшце адгукнуліся дрэвы.
Падзякаваўшы ды прайшоўшы некалькі крокаў, Вераніка азірнулася зь цьвёрдай упэўненасьцю, што ўжо нікога ня ўбачыць. Дзядок сядзеў на тым жа мейсцы і ківаў ёй галавой. Потым яны з татам часта ўспаміналі яго. Тата пераконваў Вераніку, што гэта быў звычайны жыхар бліжэйшай вёскі, а дзяўчынка была ўпэўненая, што яны сустрэлі сапраўднага лесавіка, бо побач з тым лесам ніякіх вёсак не было.

Аднойчы Вераніка з татам натрапілі на чароўную вёску Рыдуплю. Яны заблудзіліся ў лесе, і тут, раптам, відовішча, нібыта ў казцы: дрэвы расступіліся, і перад імі паўсталі старыя сялянскія хацінкі. Іх было ня больш дзесяці. З усіх бакоў да вёскі падступалі балоты ды лясы, на лузе пасьвіліся коні. Вёсачка была нібыта зачараваная. Можна было разглядаць яе здалёк, але зайсьці ў яе, ня ведаючы тайных сьцяжынак, што вялі праз балоты, было проста немагчыма. На шчасьце, іх заўважыла мясцовая спадарыня. Яна прывяла небаракаў у сваю хату, пачаставала грыбамі, бульбай, малаком ды іншымі смачнымі сялянскімі стравамі, распавяла гісторыі, падобныя да тых, што распавядалі госьці шляхціца Завальні, а пасьля праводзіла да дарогі, ідучы па якой ужо нельга было заблудзіцца.

Адной з найбольш цікавых асобаў на нарачанскай турбазе быў старэнькі фэльдшар, а ў Веранікі заўсёды нешта балела. Таму як толькі яна прыяжджалі на адпачынак, бацькі, не пасьпеўшы нават распакаваць валізы, несьліся зь ёю да гэтага мясцовага доктара, нібыта да Самога Пана Бога, бо той, у адрозьненьне ад менскіх знакамітых урачоў, скончыў не які-небудзь савецкі інстытут, а вывучаў медыцыну яшчэ за польскім часам. Усьведамляючы значнасьць сваёй асобы, доктар бязь лішніх дасьледваньняў ды аналізаў упэўнена ставіў дыягназ ды прызначаў лячэньне. Але ўсе Веранікіны хваробы ўмомант зьнікалі толькі ад аднаго позірку гэтага тоўсьценькага, кругленькага, са сьмешнымі акулярамі на носе, мясцовага Айбаліта. Хапала некалькіх ягоных слоў, і дзяўчынка ўжо радасна ляцела з кабінэту. А за дзьвярыма Вераніку і яе бацькоў зь нецярпеньнем чакала мясцовая глуханямая прыбіральшчыца. Зь невядомых нікому прычынаў, доктар не выклікаў у яе такіх цёплых пачуцьцяў, як у наведнікаў медпункту. Адсунуўшы ўбок вядро ды анучу, яна ў адпаведнасьці зь лепшымі традыцыямі тэатру пантамімы, пры дапамозе пераканаўчых жэстаў ды выразнай мімікі паказвала, кім доктар ёсьць насамрэч і як ён лечыць хворых. Калі дзьверы адчыняліся і ў кабінэт запрашаўся чарговы пацыент, усе прысутныя заходзіліся ад рогату, схапіўшыся за жываты. Пасьля прагляду такога бліскучага монаспэктаклю ўжо ніхто ня меў патрэбы ў лячэньні.

Сапраўднаю зоркай турбазы быў сьветлавалосы ды блакітнавокі лодачнік Мар’ян. Ён цудоўна ўпраўляўся з лодкамі, рыбакамі, рыбамі, а заадно і з прыгожымі дзяўчатамі. Кожны вечар Вераніка цягнула тату на лодачную станцыю, каб “палюбавацца возерам”. Калі на станцыі працаваў Мар’ян, то глядзець на возера тату даводзілася даволі доўга. Калі Мар’яна не было, дзяўчынка расчаравана казала: – Нагледзеліся ўжо, пойдзем лепей на танцы. Паўсюль толькі і чулася: Мар’ян, Мар’ян, Мар’ян… Пэўна, ён сябраваў з нарачанскімі русалкамі. Яны і раскрывалі яму ўсе сакрэты возера ды навучалі запальваць агеньчыкі каханьня ў дзявочых сэрцах.

На танцавальнай пляцоўцы, якая месьцілася пад адкрытым небам пасярод лесу, таксама меўся свой герой.Там кожны вечар зь нецярпеньнем чакалі прыходу мясцовага пастушка. Худзенькага, невялічкага росту, дабрадушнага, усьмешлівага пастушка ўсе лічылі крыху дзіўнаватым. Хаця што тут дзіўнага, калі мужчына з прыстойнымі манэрамі ўвечары прыводзіць сябе ў парадак, апранае касьцюм, абавязкова бярэ з сабой кветкі і як сапраўдны кавалер, накіроўваецца ў бок танцпляцоўкі. Да пастушка ўсе ставіліся вельмі прыязна, дзяўчаты ахвотна таньчылі зь ім, а ён дарыў ім кветкі ды цалаваў ручкі. Ніякі масавік-зацейнік з усімі сваімі забаўлянкамі ня здольны быў і блізка стварыць той цудоўнай атмасфэры, якую ствараў сваёй прысутнасьцю просты вясковы пастушок.

Калі надвор’е было добрае і па возеру ня беглі вялікія хвалі, Вераніка і яе бацькі садзіліся ў лодку, выдадзеную Мар’янам, і накіроўваліся ў бок касЫ. Чайкі падляталі да лодкі ды паведамлялі апошнія навіны. Ветрык даваў абяцаньні, што ня будзе ўздымаць хвалі, пакуль яны не дабяруцца да берага. Маленькія аблачынкі з захапленьнем узіраліся ў возера, вырашыўшы, што гэта неба, па якому можна вандраваць на лодках. Вёска, што стаяла на беразе, слухала сьпевы “Песьняроў”. Анёлы асьцярожна, каб іх не заўважылі людзі, выглядвалі з-за аблокаў ды шэптам казалі адзін аднаму:
– На Нарачы жыве Беларусь...
– Жыве...жыве.., – шапталі ў адказ азёрныя хвалі.
Той-сёй пачуў гэтыя словы і пачаў дзейнічаць... Неўзабаве надыйшоў 1988 год... У Беларусі пачыналася новая гісторыя з новымі маладымі людзьмі...