четверг, 22 февраля 2007 г.

Чароўныя стакроткі

Вясёлае чэрвеньскае сонейка зазірала ў вокны сонных менскіх дамоў.
Няўрымсьлівыя сонечныя зайчыкі бегалі навыперадкі па пакоях, гулялі ў хованкі, будзілі маленькіх дзетак і іхных бацькоў. Ласкавы летні ветрык залятаў у кватэры праз расчыненыя вокны, прыносіў з сабою белы таполевы пух, рознакаляровых матылькоў і пах садовых кветак.

— Запрашаем усіх за горад, у лес, на рэчку і на мора, — радасна грукаталі ўдалечыні нястомныя электрычкі.

Мэталічныя дзьверы пад’езда незадаволена рыпнулі і выпусьцілі на волю велічэзнага паласатага ката Апалінарыя. Следам за ім, падскокваючы, танцуючы ды сьпяваючы “Я ня здамся бяз бою” ва двор выбегла маленькая сьветлавалосая прыгажуня Каралінка.

— Ці скора мы паедзем на Менскае мора? — зь нецярпеньнем спытала яна ў бацькоў, якія ўжо чвэрць гадзіны завіхаліся пад адчыненым капотам старэнькага залацістага Форда.

— Каралінка, табе прыйдзецца пачакаць, — адказала крыху расстроеная мама, — наш улюбёны аўтамабіль чамусьці ўпарта не жадае заводзіцца і нават тата ня ведае, што зь ім здарылася.

— А навошта мне тое мора? — ціхенька бурчэў сабе пад нос пакрыўджаны Форд, — няўжо ніхто не разумее, што мне і тут няблага, бо ў двух кроках ад мяне, у ценю раскідзістай ліпы ўжо з паўгадзіны адпачывае шыкоўная беласьнежная Лянча...

Кот Апалінарый спагадліва агледзеў усіх хітрымі зялёнымі вачыма і сказаў “мя-я-я-ў”, што азначала: прабачце, шаноўныя спадары, паненкі і спадарыні, але я, на жаль, нічым вам дапамагчы не магу. Затым ён ляніва пазяхнуў, выгнуў сьпіну, паглядзеў, ці ўсё ў парадку зь ягоным паласатым хвастом, зірнуў адным вокам на спалоханых галубоў, а другім на мужчыну, які нёс у пакеце вялізную і, мабыць, вельмі смачную рыбіну, і павольна накіраваўся ў бок суседняга пад’езда. Каралінка пайшла за ім.

На лавачцы ля суседняга пад’езда сядзела ды любавалася сваёю цудоўнаю клумбаю самотная бабця. А любавацца і сапраўды было чым. Шматлікія рознакаляровыя цюльпаны, далікатныя нарцысы, сарамлівыя лілеі, пушыстыя кусты бэзу ды язьміну і нейкія незвычайныя, зусім маленькія, зь пяшчотнымі ружовымі пялёсткамі, рамонкі.

— Ой, якія прыгожыя рамонкі, я такіх ніколі ня бачыла, — зьдзівілася Караліна.
— Дзіцятка, гэта не рамонкі, — усьміхнулася бабця, — гэтыя кветкі называюць стакроткамі, ці — маргарыткамі. Хочаш, я распавяду табе пра іх вельмі цікавую і прыгожую легенду?
— Мяў, — адказаў замест Караліны кот Апалінарый, што азначала: канечне хоча, і я таксама з задавальненьнем Вас паслухаю.

Калісьці даўным-даўно, яшчэ на пачатку нашай эры, калі Пан Езус быў такім жа маленькім як і ты, ягоная Маці, Найсьвяцейшая Панна Марыя, захацела парадаваць свайго сыночка і падарыць яму прыгожы вянок з жывых кветак. Але была зіма, таму ўсе кветкі альбо паснулі, альбо завялі, альбо схаваліся пад глыбокім сьнегам. Не знайшоўшы ніводнай прыдатнай кветачкі, Сьвятая Багародзіца вырашыла зрабіць іх сама. Яна ўзяла абрэзкі жоўтага ядвабу, тоўстыя белыя ніці, іголку і пачала гатаваць маленькія кветачкі стакроткі. Пад час працы Панна Марыя некалькі разоў калола сабе пальцы вострай іглою. Кропелькі яе крыві афарбавалі некаторыя белыя ніці ў чырвоны і ружовы колер. Вось чаму акрамя белых пялёсткаў у стакротак сустракаюцца і ружовыя, а на ніжнім баку яны даволі часта бываюць афарбаваныя ў чырвоны колер. Стакроткі вельмі спадабаліся маленькаму Езусу. Ён любаваўся імі на працягу ўсёй зімы, а калі прыйшла вясна, высадзіў кветачкі пад вокнамі дома і стаў старана іх паліваць. Празь некаторы час штучныя кветкі дзіўным чынам ажылі, пачалі расьці, пусьцілі карані і неўзабаве расьсяліліся па ўсёй зямлі. Стакроткі ніколі не забываюцца на той цуд, які калісьці здарыўся зь імі. Яны цьвітуць зь вясны да восені і сваёю пяшчотнаю, някідкаю прыгажосьцю праслаўляюць Пана Езуса і Найсьвяцейшую Багародзіцу, а таксама радуюць нас. Стакроткі растуць амаль што ў кожным садзе. Зь іх складаюць прыгожыя мініяцюрныя букецікі.
Лісточкі маладых стакротак кладуць у салаты, а пялёсткі выкарыстоўваюць для наданьня непаўторнага смаку салодкім стравам і выпечцы.

— Цудоўная гісторыя і вельмі прыгожыя кветкі. Вялікі дзякуй Вам, бабця, — у задуменьні прамовіла Караліна, а кот Апалінарый зрабіў разумны выгляд і вырашыў на гэты раз сьціпла прамаўчаць.

— Прыходзь як-небудзь да мяне ў госьці, — запрасіла Караліну бабця — я навучу цябе вырошчваць кветкі і пачастую смачнымі канфітурамі, прыгатаванымі з пялёсткаў ружы.

Дзьверы пад’езда адчыніліся, ціхенька прасьпяваўшы ноту “ля”, і ва двор выйшаў маленькі хлопчык з заплечнікам ды ягоная мама. Яны павіталіся з Каралінай, падышлі да бабці, а потым усе разам накіраваліся да беласьнежнай Лянчы. Старэнькі Форд надзіва хутка з’арыентаваўся ў раптоўна зьмяніўшайся сітуацыі і нечакана для ўсіх завёўся. Як і заўсёды, першым у машыне апынуўся кот. Ён уладкаваўся на заднім сядзеньні, праверыў, ці правільна ляжыць ягоны хвост, заплюшчыў смарагдавыя вочы і вырашыў крыху паспаць.

...У той дзень на Менскім моры цудоўна адпачылі і ад душы павесяліліся Караліна са сваімі бацькамі, бабця са сваёю дачкою і ўнукам, сур’ёзны кот Апалінарый, а таксама залацісты Форд і беласьнежная Лянча. Цяпер усе яны — найлепшыя сябры: разам вандруюць, разам ладзяць сьвяты і разам вырошчваюць чароўныя кветкі стакроткі.


Легенда пра стакроткі ўзятая з артыкула Ирины Шкирандо “Маргаритка — значит красивая”, які быў надрукаваны ў газэце “Ва-Банк”.

суббота, 3 февраля 2007 г.

Таямніцы Заслаўя

Цёплая ліпеньская ноч асьцярожна ахутвала зямлю танюткім празрыстым покрывам, сатканым з чароўных казак, сноў ды нашых мараў. Недзе ўдалечыні маркотна ухкала самотная старая сава, а недзе паблізу папісквалі, даядаючы смачную вячэру, маленькія шэрыя мышаняты.

Грэта разам са сваім старэйшым братам Норбертам ды зь ягонымі сябрамі сядзела ля вялікага аранжавага вогнішча побач з дарогаю, якая вяла праз хваёвы лес да Заслаўя. Цікаўны Месяц зазіраў у вокны Кальвінскага Збору, спадзеючыся ўбачыць Ізяслава і Рагнеду. Сумны Касьцёл скардзіўся праплываючым міма аблокам на свой незайздросны лёс. Старыя хвоі распавядалі ветру пра былую славу гэтых мясьцінаў.

За гутаркай ніхто і не заўважыў, як ля вогнішча зьявіўся стомлены вершнік на срэбным, зьзяючым ад месячнага сьвятла, кані.
— Паненачка, цябе клічуць у замак, няўжо ня чуеш? — усхвалявана зьвярнуўся ён да Грэты.
— Мне трэба ехаць разам з Вамі? — няўпэўнена спытала дзяўчынка.
— На жаль, мяне чакае іншая дарога, а ты ляці хутчэй, пакуль ня скончылася ноч, пакуль яшчэ можна пасьпець..., — сказаў ён, прышпорваючы неспакойнага каня.
— Адну мы цябе нікуды не адпусьцім, пойдзем разам з табою! — паўскоквалі адзін за адным узрушаныя хлопцы ды дзяўчаты.
— Не затрымлівайце яе..., — данёсься з глыбіні лесу ледзьве чутны голас вершніка. А Грэта абняла занепакоенага брата ды са зьдзіўленьнем глядзела на велічны старажытны замак, які ў адно імгненьне засланіў сабой белыя сьцены Кальвінскага Збору.

Потым яна ляцела хутчэй за вецер праз змрочны лес, праз росныя лугі, праз жытнёвае поле. Толькі Месяц быў побач зь ёю. Ён паказваў Грэце дарогу. І вось нарэшце яна апынулася ля замку. З адчыненых вокнаў даносіліся гукі ціхай музыкі. Зіхацелі яркім залатым полымем шматлікія васковыя сьвечы. Пяшчотны водар садовых кветак зьмяшваўся з прахалодным пахам лугавых траваў. Грэта адчыніла дзьверы: адны, другія, трэція... Яна залятала ў прасторныя залі... Нідзе ні душы...Пустэча...Па багата ўбраных залях блукаў самотны вецер. Дагаралі залатыя сьвечы. У небе адна за адной зьнікалі зялёныя зоркі. Пачыналася раніца... Дзяўчынка ня ведала, што ёй рабіць. Яна ня памятала, дзе засталіся брат і ягоныя сябры. Паспрабавала паклікаць Норберта і раптам... прачнулася.

У вакно Грэцінага пакою зазірала ласкавае летняе сонейка. На сьцяне спакойна вісела карціна з выяваю Заслаўскага Кальвінскага Збору. З кухні даносіўся чароўны пах ліпавай гарбаты і сьпелых трускавак.
— Прачынайся, паненачка! Мама з татам пайшлі на працу, а нам з табой дазволілі паехаць ў Заслаўе, — сказаў, заходзячы ў пакой, Норберт, — памятаю, што мінулым летам табе там вельмі спадабалася, так што ўставай ды хуценька зьбірайся.

Электрычка, падобная на вялізнага зялёнага вусеня, весела бегла па бліскучых рэйках. Ждановічы, Менскае мора, Ратамка, Крыжоўка, Зялёнае і нарэшце — Заслаўе. Старажытны горад сустракаў сваіх гасьцей звонам царкоўных званоў. То ўрачыстыя, то радасныя, то трывожныя гукі выляталі, нібы птушкі, з адчыненых вокнаў вежы колішняга Кальвінскага Збору (цяпер гэта праваслаўная царква), зьбіраліся ў чароды і ляцелі над прыціхлым навакольлем.

Грэта з Норбертам падышлі да Царквы, а потым падняліся на Вал, зь якога адкрываўся цудоўны від на рэчку, палі, лясы і горад.
Раптам надвор’е пачало псавацца. Непакорлівыя дрэвы адчайна змагаліся з шалёным ветрам. Цёмна-шэрыя хмары, нібыта казачныя вершнікі на наравістых канях, імкліва праносіліся над зямлёй, а чароўная музыка царкоўных званоў блукала вулкамі апусьцелага гораду, ўзьбіралася на чарапічныя дахі дамоў, ўзьлятала да самых нябёсаў. Яе гукі ператвараліся ў празрыстыя, прахалодныя кроплі дажджу і з крыштальным звонам падалі на зямлю.

Сьвятар, апрануты ў чорную сутану, некалькі разоў выходзіў з царквы, са зьдзіўленьнем паглядаючы то на неба, то на вежу, то на Грэту ды Норберта.
Пэўна, ён сам сабе задаваў пытаньне: Хто так прыгожа звоніць у званы?
Таленавіты званар? Няўрымсьлівы вецер? Боскія Анёлы? І пэўна толькі ён ды Норберт з Грэтаю раптам зразумелі, што разам зь ветрам ды хмарамі, пад вітальную музыку царкоўных званоў ляціць над Заслаўем наша старадаўняя Літоўская Пагоня.

— Сёньня ж 15 ліпеня... Перамога пад Грунвальдам... 1410 год..., — раптам успомніў Норберт, — ваяры вяртаюцца зь перамогаю дадому. Вершнік на срэбным кані, той, якога Грэта бачыла ў сваім сьне, праляцеў над вежай Кальвінскага Збору. Конь зачапіўся падковай за залаты царкоўны крыж.
Бліснула маланка.
— Віншую ўсіх з нашай перамогаю, — радасна прагрымеў гром. Дождж паліў як зь вядра. Вершнік на імгненьне спыніў каня і ледзьве пасьпеў сказаць Грэце некалькі вельмі важных словаў. У вакне вежы зьявілася дзяўчына з доўгімі залатымі валасамі. Яна ўсьміхнулася Грэце ды кінула ў неба ахапак рознакаляровых палявых кветак, якія ўмомант ператварыліся ў вясёлку. Званы перасталі званіць. Зачыніліся вокны вежы.
Скончыўся дождж. Разам з хмарамі зьнікла за вясёлкавай брамай Пагоня, а пачутыя словы назаўжды засталіся ў Грэціным сэрцы.

...Чараўнік, які калісьці жыў у вежы Кальвінскага Збору, а потым пасяліўся на гарышчы Грэцінага дому і кожную ноч ствараў там сны для ягоных жыхароў, быў вельмі задаволены вынікамі сваёй працы. Што і казаць, дзякуючы яму Грэта і вершнік з Пагоні сустрэліся ня толькі ў сьне, але і наяве... Чараўнік быў сьвядомым беларусам і добра разумеў, што беларускія дзеткі, якія любяць сваіх бацькоў і сваю краіну, Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг — гэта і ёсьць нашая надзея, нашая найвялікшая радасьць і нашая сьветлая будучыня.