суббота, 3 февраля 2007 г.

Таямніцы Заслаўя

Цёплая ліпеньская ноч асьцярожна ахутвала зямлю танюткім празрыстым покрывам, сатканым з чароўных казак, сноў ды нашых мараў. Недзе ўдалечыні маркотна ухкала самотная старая сава, а недзе паблізу папісквалі, даядаючы смачную вячэру, маленькія шэрыя мышаняты.

Грэта разам са сваім старэйшым братам Норбертам ды зь ягонымі сябрамі сядзела ля вялікага аранжавага вогнішча побач з дарогаю, якая вяла праз хваёвы лес да Заслаўя. Цікаўны Месяц зазіраў у вокны Кальвінскага Збору, спадзеючыся ўбачыць Ізяслава і Рагнеду. Сумны Касьцёл скардзіўся праплываючым міма аблокам на свой незайздросны лёс. Старыя хвоі распавядалі ветру пра былую славу гэтых мясьцінаў.

За гутаркай ніхто і не заўважыў, як ля вогнішча зьявіўся стомлены вершнік на срэбным, зьзяючым ад месячнага сьвятла, кані.
— Паненачка, цябе клічуць у замак, няўжо ня чуеш? — усхвалявана зьвярнуўся ён да Грэты.
— Мне трэба ехаць разам з Вамі? — няўпэўнена спытала дзяўчынка.
— На жаль, мяне чакае іншая дарога, а ты ляці хутчэй, пакуль ня скончылася ноч, пакуль яшчэ можна пасьпець..., — сказаў ён, прышпорваючы неспакойнага каня.
— Адну мы цябе нікуды не адпусьцім, пойдзем разам з табою! — паўскоквалі адзін за адным узрушаныя хлопцы ды дзяўчаты.
— Не затрымлівайце яе..., — данёсься з глыбіні лесу ледзьве чутны голас вершніка. А Грэта абняла занепакоенага брата ды са зьдзіўленьнем глядзела на велічны старажытны замак, які ў адно імгненьне засланіў сабой белыя сьцены Кальвінскага Збору.

Потым яна ляцела хутчэй за вецер праз змрочны лес, праз росныя лугі, праз жытнёвае поле. Толькі Месяц быў побач зь ёю. Ён паказваў Грэце дарогу. І вось нарэшце яна апынулася ля замку. З адчыненых вокнаў даносіліся гукі ціхай музыкі. Зіхацелі яркім залатым полымем шматлікія васковыя сьвечы. Пяшчотны водар садовых кветак зьмяшваўся з прахалодным пахам лугавых траваў. Грэта адчыніла дзьверы: адны, другія, трэція... Яна залятала ў прасторныя залі... Нідзе ні душы...Пустэча...Па багата ўбраных залях блукаў самотны вецер. Дагаралі залатыя сьвечы. У небе адна за адной зьнікалі зялёныя зоркі. Пачыналася раніца... Дзяўчынка ня ведала, што ёй рабіць. Яна ня памятала, дзе засталіся брат і ягоныя сябры. Паспрабавала паклікаць Норберта і раптам... прачнулася.

У вакно Грэцінага пакою зазірала ласкавае летняе сонейка. На сьцяне спакойна вісела карціна з выяваю Заслаўскага Кальвінскага Збору. З кухні даносіўся чароўны пах ліпавай гарбаты і сьпелых трускавак.
— Прачынайся, паненачка! Мама з татам пайшлі на працу, а нам з табой дазволілі паехаць ў Заслаўе, — сказаў, заходзячы ў пакой, Норберт, — памятаю, што мінулым летам табе там вельмі спадабалася, так што ўставай ды хуценька зьбірайся.

Электрычка, падобная на вялізнага зялёнага вусеня, весела бегла па бліскучых рэйках. Ждановічы, Менскае мора, Ратамка, Крыжоўка, Зялёнае і нарэшце — Заслаўе. Старажытны горад сустракаў сваіх гасьцей звонам царкоўных званоў. То ўрачыстыя, то радасныя, то трывожныя гукі выляталі, нібы птушкі, з адчыненых вокнаў вежы колішняга Кальвінскага Збору (цяпер гэта праваслаўная царква), зьбіраліся ў чароды і ляцелі над прыціхлым навакольлем.

Грэта з Норбертам падышлі да Царквы, а потым падняліся на Вал, зь якога адкрываўся цудоўны від на рэчку, палі, лясы і горад.
Раптам надвор’е пачало псавацца. Непакорлівыя дрэвы адчайна змагаліся з шалёным ветрам. Цёмна-шэрыя хмары, нібыта казачныя вершнікі на наравістых канях, імкліва праносіліся над зямлёй, а чароўная музыка царкоўных званоў блукала вулкамі апусьцелага гораду, ўзьбіралася на чарапічныя дахі дамоў, ўзьлятала да самых нябёсаў. Яе гукі ператвараліся ў празрыстыя, прахалодныя кроплі дажджу і з крыштальным звонам падалі на зямлю.

Сьвятар, апрануты ў чорную сутану, некалькі разоў выходзіў з царквы, са зьдзіўленьнем паглядаючы то на неба, то на вежу, то на Грэту ды Норберта.
Пэўна, ён сам сабе задаваў пытаньне: Хто так прыгожа звоніць у званы?
Таленавіты званар? Няўрымсьлівы вецер? Боскія Анёлы? І пэўна толькі ён ды Норберт з Грэтаю раптам зразумелі, што разам зь ветрам ды хмарамі, пад вітальную музыку царкоўных званоў ляціць над Заслаўем наша старадаўняя Літоўская Пагоня.

— Сёньня ж 15 ліпеня... Перамога пад Грунвальдам... 1410 год..., — раптам успомніў Норберт, — ваяры вяртаюцца зь перамогаю дадому. Вершнік на срэбным кані, той, якога Грэта бачыла ў сваім сьне, праляцеў над вежай Кальвінскага Збору. Конь зачапіўся падковай за залаты царкоўны крыж.
Бліснула маланка.
— Віншую ўсіх з нашай перамогаю, — радасна прагрымеў гром. Дождж паліў як зь вядра. Вершнік на імгненьне спыніў каня і ледзьве пасьпеў сказаць Грэце некалькі вельмі важных словаў. У вакне вежы зьявілася дзяўчына з доўгімі залатымі валасамі. Яна ўсьміхнулася Грэце ды кінула ў неба ахапак рознакаляровых палявых кветак, якія ўмомант ператварыліся ў вясёлку. Званы перасталі званіць. Зачыніліся вокны вежы.
Скончыўся дождж. Разам з хмарамі зьнікла за вясёлкавай брамай Пагоня, а пачутыя словы назаўжды засталіся ў Грэціным сэрцы.

...Чараўнік, які калісьці жыў у вежы Кальвінскага Збору, а потым пасяліўся на гарышчы Грэцінага дому і кожную ноч ствараў там сны для ягоных жыхароў, быў вельмі задаволены вынікамі сваёй працы. Што і казаць, дзякуючы яму Грэта і вершнік з Пагоні сустрэліся ня толькі ў сьне, але і наяве... Чараўнік быў сьвядомым беларусам і добра разумеў, што беларускія дзеткі, якія любяць сваіх бацькоў і сваю краіну, Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг — гэта і ёсьць нашая надзея, нашая найвялікшая радасьць і нашая сьветлая будучыня.

Комментариев нет:

Отправить комментарий