пятница, 14 декабря 2007 г.

Як я прыйшла да Беларусі

Аднойчы адзін з нашых пісьменьнікаў спытаў у мяне: “Марына, як Вы прыйшлі да Беларусі?”
“Я хутчэй сказала бы, што спачатку яна сама прыйшла да мяне ў выглядзе бабці 1898 году нараджэньня зь ейнай беларуска-польска-расейскай трасянкай ды ў выглядзе радыёкропкі, што вісела на сьцяне і вяшчала на беларускай мове” – адказала я ўсьміхаючыся.
“І што было далей?”– строга спытаў пісьменьнік. І я зразумела, што мушу даць больш падрабязны адказ на зададзенае мне пытаньне.

У дзяцінстве я была перакананая, што па-беларуску размаўляюць у нас, а таксама і ў Расеі, вяскоўцы і тыя, хто ня мае вышэйшай адукацыі, бо лягчэй жа вымавіць слова “бурак” ці “бульба”, чым “свекла” і “картофель” і г.д. Беларуская мова падавалася мне такой жа натуральнай, як само жыцьцё. Вымаўляць беларускія словы было так жа лёгка, як дыхаць. Але, у маім уяўленьні, гэтая мова прызначалася для людзей “простых” і “малаадукаваных”, каб яны не ламалі галаву над тым, як вымавіць, напрыклад, слова “сковорода”, а спакойна маглі назваць яе “патэльняй”. А мы ж былі дзецьмі адукаваных бацькоў, перад намі адкрывалася “сьветлая будучыня”, таму трэба было авалодваць больш “складанай” мовай, каб выглядаць “разумнымі і інтэлігентнымі”, як калісьці рускія арыстакраты, якія дасканала ведалі французскую мову.

Калі я была яшчэ маленькай, мы жылі ў раёне менскага аэрапорту ў доме, пабудаваным бабуляй і дзядулем напрыканцы 20-х гадоў. Дом зьнесьлі ў 1977 годзе. І бабуля і дзядуля былі зь Менску, як і іхныя бацькі. Дзядуля быў інжынэрам. Ён загінуў на вайне ў 1944 годзе. Бабуля мела пачатковую адукацыю, была каталічкай і ўмела пісаць па-польску, беларуску і расейску. Яна пражыла 90 гадоў. У памяці засталіся ейныя выказваньні накшталт вось гэтых: “Ну што я з’еў? Маленькую сухую скарыначку хлеба. Хацеў у ваду памакаць, дык яна ў вядро ня ўлезла.” Калі мы з братам не прыбіралі пасьля абеду посуд са стала, яна пыталася: “Цікава, ці то сьвіньні паелі, ці то шляхта папасьвілася?” Бабця лічыла, што “трэба каб дзіцятка вучылася таньчыць, а працы гора наўчыць”. А калі нашые з братам паводзіны станавіліся невыноснымі, яна казала: “Дзеткі, вы мне ўсе вантробы выматалі!” Бабця вельмі паважліва ставілася да павукоў і восаў. Іх ні ў якім разе нельга было пакрыўдзіць. Таксама яна нам заўсёды казала: “Дзеткі, не зьвяртайце ўвагі, калі нехта над вамі сьмяецца. Галоўнае, каб людзі ад вас ня плакалі !”

У школе нам так старана ўбівалі ў галовы беларускую літаратуру, што ўсе гэтыя клясыкі, шчыра кажучы, проста абрыдзелі, за выключэньнем, натуральна, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Ўладзімера Караткевіча. Я з павагай ставілася да Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Васіля Быкава і г.д., але ня болей таго. У той жа час мне заўсёды падабалася беларуская мова. Але стаўленьне да яе было прыблізна такое, як да дарагога ўпрыгажэньня з каштоўнымі камянямі, што захоўвалася ў скрыначцы ў мамінай шафе. Можна было адчыняць скрыначку і любавацца ім колькі заўгодна, але не было такой нагоды і такога мейсца, куды можна было б пайсьці, прышпіліўшы яго да сукенкі.

Мы вельмі ганарыліся тым, што называемся беларусамі. Я нават ня ведаю, адкуль браўся той гонар. Мы называлі Маскву “бальшой дзярэўняй” і лічылі сябе кімсьці накшталт рускіх, але ж, як сказаў калісьці Аляксандар Рыгоравіч, “са знакам якасьці”. У інстытуце разам са мной вучылася дзеўка з Разані. Уся нашая група кпіла зь яе па той прычыне, што яна “неправильно говорила по-русски”, але ж я ня памятаю, каб нехта сьмяяўся з тых, хто размаўляў на трасянцы. Пэўна, гэта лічылася нармальнай расейскай мовай.

Калісьці мяне вельмі ўразіў студэнт-негр, які так цудоўна сьпяваў песьню “Касіў Ясь канюшыну”, што мог бы, пэўна, канкурыраваць з ансамблем “Песьняры”, бо ўдзячныя слухачы выклікалі яго на сцэну разоў дзесяць. Таксама мне запомніліся двое негрыцянскіх дзетак гадоў 9-10, якія ўпарта даводзілі сваім белабрысым сябрукам: “Мы такія ж беларусы, як і вы, бо нарадзіліся тут!”

Напэўна, Зянон Пазьняк быў той асобай, якая ў свой час паўплывала на сьветапогляд шматлікіх людзей. Думаю, гэта ён прывёў і мяне і яшчэ многіх беларусаў да Беларусі. Тое, аб чым ён казаў, і тое, што ён рабіў напрыканцы 80-х гадоў, заварожвала. Гэта было падобным да каляднай песьні: “Неба і зямля радасна сьпяваюць, анёлы людзям дзіва абвяшчаюць...”. Мяркую, што шматлікія беларускія душы і галовы былі прыведзеныя ў парадак менавіта ім. Гэта чалавек, у сумленнасьці, шчырасьці, непадкупнасьці і адданасьці Радзіме якога я магу не сумнявацца. Нягледзячы на ягоныя памылкі, недахопы, не заўсёды добрыя рысы характару, я магу давяраць яму на 101%.
Хачу таксама прыгадаць беларускага мастака з Баварыі Анатоля Чайкоўскага. Ён нарадзіўся ў пасьляваенны час у сям’і беларусаў-эмігрантаў. А ў 1991-м годзе ўпершыню наведаў радзіму бацькоў і прывёз калекцыю сваіх карцін, напісаных у абстрактным стылі. Шчыра кажучы, карціны мне тады ня надта спадабаліся, але цудоўная беларуская мова чалавека, які ніколі дагэтуль ня быў у Беларусі і не чытаў амаль аніякіх беларускіх кніг, зьдзейсьніла ў маёй душы сапраўдны пераварот.
Што тычыцца кніг, якія мяне найбольш уразілі, то гэта, у першую чаргу, “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага, “Мядзьведжая акадэмія” Вітаўтаса Місявічуса, кніга сяброў таварыства “Тутэйшыя”, а таксама вершы праваслаўнага паэта Зьніча і творчасьць Сержука Сокалава-Воюша. Каб навучыцца свабодна размаўляць па-беларуску, я некаторы час чытала выключна беларускамоўныя газэты і кнігі, слухала беларускія перадачы па радыю, наведвала створаны Беларускім Народным Фронтам напачатку 90-х гадоў Народны ўніверсітэт “Гісторыя і культура Беларусі”, а потым далучылася да каталіцкай моладзевай суполкі, якая дзейнічала пры Менскім Касьцёле сьвятога Роха на Залатой горцы.

З тых мясьцінаў на Беларусі, якія мне найбольш падабаюцца, у першаю чаргу я пэўна б назвала Заслаўе. Мяне вельмі ўражвае Кальвінскі Збор. Таксама мне вельмі падабаецца Вязынка зь яе прыгожымі дубамі і мноствам дзіўных камянёў, раскіданых па палях і ўздоўж дарог. Пэўна, яны засталіся там яшчэ зь ледавіковага перыяду. Таксама люблю Менск, таму што гэта мой родны горад і таму што мне падабаецца “сталінская” архітэктура.

Не магу не згадаць тут і Нарачанскі край – чароўныя мясьціны, у якіх калісьці было прынята вітацца з усімі выпадкова сустрэтымі на лясных сьцяжынках людзьмі. Ідучы па нарачанскім лесе, можна было натрапіць на адну ці дзьве сялянскія хаты, якія раптоўна вырасталі нібыта з-пад зямлі. Часам побач з дарогаю сярод хвояў месьціліся невялікія сялянскія могілкі. Адным з самых загадкавых жыхароў нарачанскіх ваколіцаў быў “Кілямэтр з гакам”. Калі мы пыталіся ў якога-небудзь едучага насустрач нам на ровары спадара, ці далёка яшчэ да бліжэйшай вёскі, ён звычайна адказваў: “Ды не, кілямэтр з гакам...” Кілямэтр мы праходзілі даволі хутка, а вось праходжаньне “гаку” звычайна займала ня менш гадзіны.

Мясцовая моладзь апраналася лепей, чым апраналіся ў Менску, бо хлопцы і дзяўчаты займаліся нарыхтоўкай грыбоў ды ягад, якіх можна было назьбіраць, пэўна, тонны. За гэта яны атрымлівалі грошы і талёны, на якія ў мясцовых крамах набывалі моднае імпартнае адзеньне ды абутак. Недзе да канца 70-х гадоў на Нарачы непадалёку ад вёскі Купа знаходзіўся невялічкі аэрадром. Зь Менску туды лятаў “кукурузьнік”, які дастаўляў у санаторый ды на турбазу адпачываючых. У Паставах., Мядзелі, Купе, Кабыльніку даволі часта можна было пачуць польскую мову і, на жаль, вельмі рэдка чыста беларускую. Там, як і паўсюль ў Беларусі, адмаўляліся аддаваць дзетак у беларускамоўныя школы, і вельмі радаваліся, калі іх пераўтваралі ў расейскамоўныя. У той жа час там даволі добра пачувалася трасянка і калі-нікалі да нас з татам зьвярталіся не “мужчына” і “дзяўчына”, а “пан” і “паненка”, што было вельмі прыемна, бо такіх слоў немагчыма было пачуць у родным Менску.

Калісьці мяне вельмі ўразіла мазаіка на сьцяне Мірскай царквы, зь якой Пан Езус глядзеў на мяне, нібыта клічучы за сабою ў дарогу. Таксама мне падабаецца царква сьв. Марыі-Магдалены ў Менску, бо яна падобная на дарагую прыгожую цацку. Больш за ўсё ўразіў касьцёл сьв. Андрэя ў мястэчку Нарач (старая назва Кабыльнік), бо там я прымала хрост. З касьцелам у Красным (Уша) пад Маладэчнам зьвязаная гісторыя каханьня. Касьцёл сьв. Станіслава ў Магілёве нагадвае пра Фэстываль Духоўнай музыкі, у якім удзельнічаў наш Залатагорскі хор. Касьцёл Нараджэньня Панны Марыі ў Заслаўі вылучаецца тым, што ён двухпавярховы, а гэта вялікая рэдкасьць.
Народжаныя напрыканцы 60-х гадоў (у самы росквіт СССР) мы ўсё ж такі не былі ні атэістамі, ні матар’ялістамі, бо верылі ў чорта і баяліся паверыць у Бога. Мне было вельмі цяжка прымаць хрост у 1990 годзе. Я больш году рыхтавалася да яго, ледзьве не напамяць завучваючы горы літаратуры і змагаючыся з думкаю, што калі ў душы не было Бога, то, магчыма, там пасяліўся чорт, якога “ня трэба чапаць, каб не было горш”. Польскі ксёнз аказаўся вельмі дасьведчаным і мудрым чалавекам. Пасьля хросту ў мяне нібыта вырасьлі прыгожыя анёльскія крылы. У той момант я зразумела, што і я сама і увесь сьвет зьмяніліся назаўсёды і што мой прыход да Беларусі і да Бога – гэта не выпадковасьць. Цяпер я дакладна ведаю: можна аступіцца ды нарабіць памылак, можна ісьці некаторы час ня ў тым напрамку і займацца ня тымі справамі, можна чагосьці не разумець у гэтым жыцьці, але вяртаньня назад, у цемру, ужо ніколі больш не адбудзецца...

Комментариев нет:

Отправить комментарий